Оффтоп: ВЕРШ НА СВАБОДУ-ІІ Калі ад тэленавінаў сьнег выпадае ў асадак, хоць мала хто сумняваўся ў прагнозах на гэты конт; калі мэтрапалітэн працуе безь перасадак, а нехта па тэлевізары ратуе ўласны азадак з экрана ля дому з надпісам HORIZONT; калі шмат тысяч мабільнікаў разам лічаць гадзіны, тым болей ад іх на плошчы ніякай іншай карысьці - стаяць і чакаць свабоды, бо выбар цяпер адзіны, у велькім і бардза пажондным - хто б там ні трындзеў! - таварыстве; абуць на тры пары шкарпэтак цяплейшыя боты, на злосьць халоднай вайне й атмасфэрнаму фронту, бо выбар цяпер адзіны - стаяць і чакаць свабоды - ад лесьвіцы ў стылі ампір да самага HORIZONTу. Андрэй Хадановіч